Новости Беларуси
Белорусское телеграфное агентство
Рубрики
Пресс-центр
Аналитика
Главная Новости Калейдоскоп

Пяць новых беларускіх кніг, якія можна падарыць ці з задавальненнем прачытаць самому

16.12.2025 | 17:15
Шаноўныя чытачы! Рады падзяліцца з вамі добрай весткай. Цяпер аглядаць кніжныя навінкі для нашага часопіса будзе вядомы пісьменнік, журналіст і краязнаўца Алесь Карлюкевіч. Алесь Мікалаевіч не толькі аўтарытэтны эксперт у літаратурным свеце, але і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мы ўпэўнены, што яго глыбокія веды і вопыт дапамогуць чытачам зрабіць слушны выбар у моры сучаснай літаратуры. Адкрывайце для сябе цікавыя кнігі разам з намі!

Разглядаючы кніжныя навінкі, мы паспрабуем проста і зразумела адказаць на пытанні пра тое, што стварае ім папулярнасць і як чытачы робяць свой выбар. Падумайце і пра гэта: чалавек, які дасягнуў поспеху, але не чытае, непазбежна пацерпіць паразу. Гэта думка належыць не камусьці там, а паспяховаму прадпрымальніку, кіраўніку найбуйнейшай у свеце гандлёвай платформы. Ён сам заўзяты аматар чытання, і яно для яго як інструмент, які дапамагае заставацца наперадзе, вучыцца і развівацца.
Публіцыст і журналіст выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Алег Усачоў падрыхтаваў зборнік нарысаў "Белорусские партизаны - Герои Советского Союза". Кніга расказвае пра жыццё і подзвігі 17 народных мсціўцаў, якія адзначаны найвышэйшай узнагародай.

Адметна, што аўтар прапануе свежы погляд на лёсы гэтых адважных людзей. У кнізе прадстаўлены імёны такіх герояў, як Аляксандр Азончык, Іван Банаў, Емяльян Барыкін, Цімафей Барадзін, Барыс Булат, Андрэй Валынец, Ефрасіння Зянькова, Марат Казей, Мікалай Кедышка, Васіль Казлоў, Васіль Корж, Васіль Лабанок, Кірыл Арлоўскі, Зінаіда Партнова, Вера Харужая, Уладзімір Царук і Мінай Шмыроў. Кожны з іх мае сваю ўнікальную ваенную гісторыю, поўную гераічных учынкаў. Аўтар падкрэслівае, што многія былі звычайнымі людзьмі да вайны. Іх мужнасць, лідарскія якасці і здольнасць арганізоўваць супраціў вылучылі іх сярод тысяч іншых. Алег Усачоў таксама звяртае ўвагу на пасляваенныя лёсы тых партызан, хто здолеў перажыць цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны.
Звернем увагу на новую кнігу вядомага пошукавіка, гісторыка і публіцыста Мікалая Барысенкі пад назвай "Свобода пришла с востока". Гэта грунтоўнае выданне, якое налічвае 512 старонак.

Кніга мае падзагаловак "Освобождение: от Хотимска до Могилева и Бобруйска", які дакладна адлюстроўвае яе змест. Мікалай Барысенка, які ўнёс значны ўклад у праўдзівае аднаўленне ваеннага перыяду гісторыі Магілёва і вобласці, на аснове шматлікіх архіўных і дакументальных крыніц падрабязна апісвае падзеі, што адбываліся з канца 1943 года да 30 чэрвеня 1944 года. Менавіта ў гэты перыяд часці Чырвонай арміі і партызанскія атрады змаглі цалкам выгнаць нямецкіх акупантаў з тэрыторыі Магілёўшчыны.

Асаблівая ўвага ў кнізе надаецца баявым дзеянням на тэрыторыі вобласці падчас наступальнай аперацыі "Баграціён". Аўтар запрашае чытача ў віртуальнае падарожжа па кожным раёне Магілёўшчыны, ствараючы атмасферу тых далёкіх і гераічных дзён.

Кніга Мікалая Барысенкі стане каштоўным дапаможнікам для настаўнікаў гісторыі, бо гэта не толькі гістарычнае даследаванне, а даніна памяці героям, якія змагаліся за мірнае неба над нашымі галовамі.
Выданне новага, 22-га, тома са збору твораў Уладзіміра Караткевіча, у які ўвашлі запісныя кніжкі і дзённік, сталі знакавай падзеяй для тых, хто захоплена вывучае беларускую літаратуру. Матэрыялы з вялікай любоўю і стараннасцю падрыхтавалі руплівыя збіральнікі памяці пра класіка беларускай літаратуры Пётр Жаўняровіч і Міхась Кенька пры рэдактарскім клопаце кандыдата філалагічных навук Анатоля Вераб’я. Каштоўныя запісы з дзённікаў і рабочых сшыткаў пісьменніка ахопліваюць амаль чатыры дзесяцігоддзі - з 1950 па 1984 год.

Гэтыя старонкі напоўнены як асабістымі думкамі Уладзіміра Караткевіча, так і разважаннямі пра грамадскае жыццё. Яны даюць нам магчымасць адчуць тую непаўторную атмасферу, у якой тварыў і жыў адзін з найвялікшых сыноў Беларусі, аўтар незабыўных твораў "Дзікае паляванне караля Стаха" і "Чорны замак Альшанскі".
Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Алеся Кузняцова ў літаратуры адносна нядаўна, але яе раманы здолелі заваяваць прызнанне чытачоў. Першыя крокі ў літаратуры пісьменніца зрабіла дзякуючы выдавецкаму дому "Звязда", які разгледзеў яе талент. Нядаўна раман "Когда трещит лед" выдадзены ў аўтарытэтным маскоўскім выдавецтве.

Эпіграфам тут служаць мудрыя словы Карла Густава Юнга: "Встреча двух личностей подобна контакту двух химических веществ: если есть хоть малейшая реакция, изменяются оба элемента". Гэта выказванне дакладна адлюстроўвае галоўную тэму твора - складаныя і шматгранныя чалавечыя адносіны, асабліва ўзаемную залежнасць жанчыны і мужчыны.

Каб заінтрыгаваць чытача, адзначым, што лёсы галоўных герояў - паспяховай маладой жанчыны Леры, якая мае любячага мужа, паспяховы бізнес і трох дачок, і Алекса, міжнароднага кансультанта з Барселоны са славянскімі каранямі, - разгортваюцца на фоне эпічнага сутыкнення цывілізацый. Спалучэнне асабістых гісторый і глабальных падзей стварае непаўторную атмасферу і прымушае задумацца над глыбіннымі пытаннямі быцця.
І нарэшце пра кнігу для юных шукальнікаў прыгод і таямніц - фантастычны дэтэктыў "Повелитель игрушек" Сяргея Клімковіча. Выдатны падарунак для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, бо сучасных кніг для іх выходзіць не так шмат.

Пра што гэта гісторыя? Дзеянне адбываецца ў… 2024 годзе. Галоўны герой, школьнік Жэня Сакалоў, разам са сваёй сяброўкай трапляе ў эпіцэнтр небяспечных падзей. Яны становяцца мішэнню для замежнай разведкі. Чаму? Таму што Жэня раптам атрымлівае неверагодныя здольнасці: ён можа кіраваць электроннымі прыладамі, узломваць самыя складаныя сеткі і адкрываць любыя электронныя замкі. Акрамя таго, ён ведае адказы на ўсе пытанні, нібыта мае ў галаве цэлую энцыклапедыю, і нават здольны сам сябе вылечваць.

"Повелитель игрушек" - не проста захапляльная гісторыя. Кніга трымае ў напружанні ад першай да апошняй старонкі. Тут ёсць усё: таямніцы, інтрыгі, нечаканыя павароты сюжэта. Аўтар стварыў свет, які будзе цікавы сучасным дзецям, бо ён адлюстроўвае рэальнасць і іх мары пра неверагоднае.

Сябры, не адкладвайце на заўтра тое, што можа прынесці вам столькі радасці сёння! Адкрывайце новыя беларускія кнігі, і няхай кожная старонка будзе для вас цёплым, прыемным і незабыўным падарункам.

| Алесь Карлюкевіч для часопіса "Беларуская думка".

Чытайце таксама:

"Пан Тадэвуш", старадаўнія рэцэпты ці беларускі Манпарнас: агляд кніжных навінак
Ад "Трывожнага шчасця" Шамякіна да альбома "Напалеон Орда": што будзем чытаць восенню?
Вершы ці карціны Драздовіча? Беларускія выданні, якія прыемна пачытаць восенню
Теги
книги