У выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла кніга "Чырвоны мост" вядомага беларускага пісьменніка, журналіста, вядучага радыё- і тэлепраектаў "Дыялогі пра культуру", "Суразмоўцы", дзеяча культуры Навума Гальпяровіча.
Метафарычнае аўтарскае вызначэнне мастацкага ўзору - раман-эсэ, што для знаўцы творчасці Навума Якаўлевіча на першы погляд можа падацца крыху адыёзна, бо пад адной вокладкай сабраны творы розных гадоў. Гэта тэксты эпічных і лірычных форм: аповесці, апавяданні, вершы. Прыгадаем, што ў беларускай літаратуры мяжы ХХ-ХХІ стагоддзяў прасочваецца тэндэнцыя, якая адпавядае аднаму з сусветных літаратурных трэндаў, калі празаікі-раманісты замацоўваюць за сваімі творамі разнастайныя метафарычна-іранічныя вызначэнні жанру. І гэты жанравы калейдаскоп даволі разнастайны: раман штрыхамі ("Юргон" Анатоля Казлова), раман у апавяданнях ("Зубрэвіцкая сага" Янкі Сіпакова), раман-інструкцыя ("Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію" Людмілы Рублеўскай), раман-рэканструкцыя славянскай міфалогіі ("Кола Сварога" Зінаіды Дудзюк), раман-споведзь ("Пісьмо ў рай" Алеся Савіцкага). Пра жанравае абнаўленне, а таксама пра асаблівую ўвагу творцаў да жанру рамана і яго мадыфікацый сведчыць вядомы беларускі літаратуразнавец Ірына Скарапанава: "Нярэдка аўтары-постмадэрністы даюць сваім творам падзагалоўкі, якія з’яўляюцца менавіта жанравымі абазначэннямі. Гэта раман-каментарый, раман-кліп, раман-эсэ, раман-падарожжа, канспект ненапісанага рамана, падвойны раман, рэканструкцыя рамана, раман-п’еса, урывак з рамана".
Але ж вернемся да разгляду асаблівасцей рамана-эсэ. Сярод беларускіх аўтараў да такога абазначэння мастацкіх тэкстаў звярталіся Алег Лойка, Андрэй Федарэнка. У эпічных творах Алега Антонавіча пра выбітных прадстаўнікоў беларускай слоўнай спадчыны - Францыска Скарыну, Янку Купалу, Уладзіміра Караткевіча - трапна спалучаюцца дакументальныя факты (дарэчы, грунтоўная асаблівасць публіцыстыкі) і мастацкі вымысел. Гэта творы "Як агонь, як вада", "Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае", "Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі". У творчасці Андрэя Федарэнкі гэта жанравая форма абазначана ў дачыненні да твора "Мяжа". На гэтыя традыцыі скіроўвае ўвагу Навум Гальпяровіч. Раман-эсэ даследчыкі літаратуры адносяць да мастацка-дакументальнай прозы. Эсэісцкі пачатак прадугледжвае свабодную манеру выкладу, філасафічнасць, спалучэнне сэнсавай выразнасці і стылістычнай вытанчанасці. Мастакі слова, у чыёй творчай скарбніцы прысутнічае раман-эсэ, звяртаюцца да мемуарнага стылю.

Новая кніга Навума Гальпяровіча "Чырвоны мост" складаецца з трох частак. Прыватная гісторыя, расказаная ў першай частцы ў аповесцях "Горад", "Чырвоны мост", "Дзе хлопчык той…", "Вось і я…", дапоўнена творамі малых эпічных форм другога раздзела кнігі, у якіх шмат увагі нададзена партрэтным замалёўкам, мастацкім дэталям, філасофскім разважанням, што часам маюць і спавядальную інтанацыю, і добры гумар, і сатыру. Літаратурны герой аўтабіяграфічнай прозы пісьменніка - герой-рамантык, шчыра ўлюбёны ў родную полацкую прастору, творчая асоба, загартаваная жыццёвымі выпрабаваннямі, патрыёт, які дбайна адносіцца да беларускай гісторыі, да захавання традыцыйных каштоўнасцей. Трэцяя частка кнігі - нізка вершаў, якая, як і ў знакамітым творы Б. Пастэрнака, быццам закальцоўвае тэмы, вобразы, ідэі празаічных твораў мастака слова. Адным з самых цікавых твораў у вершаванай спадчыне паэта з’яўляецца "Мой Полацк - мой Ерусалім", у якім праяўляецца сапраўдная грамадзянска-патрыятычная сутнасць паэзіі Гальпяровіча, падкрэсліваецца сакральная каштоўнасць Бацькаўшчыны. У вершы адлюстравана шчырая адданасць і духоўная еднасць лірычнага героя з роднай зямлёй. Філасофскія разважанні, спавядальныя ноты адчувальны ў вершах "Лістапад - гэта месяц такі…", "Я вучань. Птушкі пішуць мне…". Матыўная прастора і вобразны спектр лірычных твораў Н. Гальпяровіча даволі разнастайныя, аб’екты паэтычнай увагі - горад, гісторыя, каханне, прырода, радзіма. Эпічныя і лірычныя тэксты складаюцца ў адзінае мастацкае палатно, мо таму даволі арганічна выглядае падзагаловак "раман-эсэ" да выдання "Чырвоны мост".
Своеасаблівай фолкнераўскай йокнапатофай творцы з’яўляецца беларускі горад Полацк савецкага часу, літаратурныя персанажы - прадстаўнікі розных сацыяльных груп. Гэта полацкія мальцы Касівус, Дзядзька Том і Навум, для якіх сяброўства назаўсёды засталося як "шчаслівае і светлае адчуванне еднасці, рамантыкі, вернасці і спагады, мудрасці і мужнасці". Гэта звычайная савецкая сям’я, якая жыве на гарадской ускраіне, што мае назву Пітомнік. Жыве сваім напоўненым паўсядзённымі клопатамі і радасцямі жыццём, адчуваючы арганічную еднасць з "вялікай шматмільённай сям’ёй" неабсяжнай савецкай краіны. Гэта палачане і жыхары іншых населеных пунктаў. У празаічных творах Гальпяровіча прадстаўлены даволі шырокі сацыяльны пласт - гэта вобразы педагога, школьніка-падлетка, мастака-афарміцеля, грузчыка, літработніка, футбаліста, чыноўніка. У прэзентаваным шматабліччы персанажаў гарадская прастора іх кансалідуе, у творах не аднойчы акцэнтуецца ўвага на тое, што палачане маюць шмат агульных любімых месцаў. Гэта высокая выспа над Дзвіной, дзе высіцца Сафійскі сабор, бераг Палаты, гарадскі рынак і лазня, станцыя Грамы і, вядома, Чырвоны мост.
Сімвалічная назва новай кнігі Навума Гальпяровіча сугучная загалоўку адной з аповесцей - "Чырвоны мост". У творы не толькі расказваецца пра гісторыю Чырвонага моста, яго ролю ў жыцці гараджан, але і выказана думка пра тое, што ў кожнага чалавека ёсць гэты чырвоны мост, сімволіка якога шматаспектная. Як месца сілы, як жыццёвы шлях, як штосьці сакральнае, роднае, важнае.
| Любоў ДУКТАВА, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Чытайце таксама:
Хочаце даведацца пра беларускае радыё ці падарожжы пісьменнікаў? Вось што варта пачытаць
Пяць новых беларускіх кніг, якія можна падарыць ці з задавальненнем прачытаць самому
"Пан Тадэвуш", старадаўнія рэцэпты ці беларускі Манпарнас: агляд кніжных навінак